16-гадовыя Насця, Саша і Крысціна вучацца разам у 10 класе ў беларускім горадзе і жывуць, здавалася б, звычайным жыццём падлеткаў: урокі, рэпетытары, паходы ў кіно, вечарыны.
Насця марыць паступіць пасля школы ў Польшчу і некалькі разоў на тыдзень ездзіць да рэпетытара па польскай мове разам з сябрам Сашам. Польская Сашы даецца няпроста, ды і наогул яго жыццё далёкае ад ідэалу: з яго пастаянна здзекуюцца аднакласнікі, бо лічаць яго геем. Збольшага на розуме ў Крысціны не вучоба, а спатканні з хлопцамі. Яна ўвесь час надакучвае Насці трывогамі, што цяжарная. І Насця падтрымлівае сяброўку — нават у паходах да дактароў.
Стасункі з дарослым светам у Насці не ладзяцца. Адзіны, хто вылучаецца сярод занудных дарослых, — малады выкладчык англійскай Максім Андрэевіч, які карыстаецца сімпатыяй старшакласніц. І Насця таксама не можа заставацца абыякавай да абаяльнага педагога.
Здавалася б, штодзённае школьнае жыццё з радасцямі і нягодамі будзе працягвацца да выпускнога, але ў адзін дзень свет герояў, іх аднакласнікаў, настаўнікаў і бацькоў патрасе навіна, праз якую ўсе ўжо не змогуць паводзіць сябе па-ранейшаму, а ўсе страхі, забабоны і нянавісць да непадобных вылезуць вонкі.
Аліна Юхневіч, Аляксей Вайніловіч, Іларыя Шашко, Аляксандр Лясько, Святлана Цімохіна, Наталля Падвіцкая, Ірына Карніевіч, Ганна Анісенка, Раман Падаляка